МАЛЫ́ БІ́ЗНЕС,
камерцыйная дзейнасць, арганізаваная ў межах малога (гл. Малое прадпрыемства) ці сярэдняга прадпрыемства з пэўным колькасным крытэрыем працуючых і аб’ёмам гасп. дзейнасці. Такія прадпрыемствы павінны мець незалежнае кіраванне, уласны капітал, лакальны раён дзеяння, адносна невял. памер у адносінах да галіны ў цэлым. Перавагі М.б.: незалежнасць дзеянняў, здольнасць хутка адаптавацца да навакольных умоў (напр., пераарыентавацца на вытв-сць новых відаў тавараў), параўнальна нізкія бягучыя выдаткі, больш высокая абарачальнасць капіталу, хуткае дасягненне эфектыўнасці (атрыманне прыбытку і інш.). Недахопы: фін. цяжкасці, асабістыя адказнасць і рызыка прадпрымальнікаў, няўпэўненасць партнёраў пры заключэнні кантрактаў, залежнасць ад інш. асоб, фірм, дзяржавы ў справе атрымання рэсурсаў і інш. У развітых краінах на М.б. прыпадае асн. частка знешнеэканам. сувязей.
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)